«Кніга ў дар: добрая справа ад шчырага сэрца» – такую міжнародную акцыю арганізуе абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі
17.03.2022 / Гомельская правдаСучасныя літаратары Беларусі, Расіі і Украіны зробяць персанальны кніжны падарунак з арыгінальным аўтографам-пажаданнем адразу дзвюм цэнтралізаваным бібліятэчным сістэмам рэгіёна – Добрушскай і Жыткавіцкай.
– Зараз мастацкія кнігі каштуюць дорага, таму не кожны мае магчымасць іх набываць у краме, а чытацкі інтарэс да навінак паэзіі, прозы, літаратурнага краязнаўства пачынае значна ўзрастаць. На жаль, асабліва ў раёнах, у сельскіх бібліятэках кніжныя фонды не дастаткова хутка абнаўляюцца, – зазначае кіраўнік абласной пісьменніцкай арганізацыі Уладзімір Гаўрыловіч. – Таму мы і вырашылі звярнуцца да ўсіх неабыякавых пісьменнікаў нашай краіны і сяброў па пяру з іншых краін зрабіць у 2022 годзе самы найлепшы падарунак палескім чытачам – перадаць Жыткавіцкай і Добрушскай цэнтральным раённым бібліятэкам і іх філіялам свае новыя творы з цёплым аўтографам-пажаданнем.
Як плануецца, сабраныя Гомельскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі выданні будуць урачыста ўручаны бібліятэчным установам у верасні 2022 года падчас правядзення фестываляў і свят. На гэтых кнігах паставяць штамп міжнароднай акцыі, яны будуць знаходзіцца на асаблівым уліку ў бібліятэках. Вокладкі і аўтарскія пажаданні адсканіруюць і прадэманструюць на электронных стэндах у час свята.
Пісьменніцкая арганізацыя Гомельшчыны гэтаксама ажыццяўляе збор кніг на рускай мове народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа (асабліва з арыгінальнымі прыжыццёвымі аўтографамі самога аўтара) для папаўнення фондаў Пятрушынскай муніцыпальнай бібліятэкі імя І. П. Мележа Няклінаўскага раёна Растоўскай вобласці і размешчанага на яе базе этнаграфічна-мемарыяльнага пакоя класіка беларускай літаратуры. Нагадаем, музей быў адкрыты намаганнямі гомельскіх і растоўскіх пісьменнікаў, музейных работнікаў-хайнічан у дзень 100-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі.