У Гомельскім абласным цэнтры народнай творчасці прайшла прэзентацыя абласной выставы «Жывая спадчына Гомельшчыны»

29.01.2022 / Гомельская правда

Да Года народнай творчасці і культурнай спадчыны ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Года гістарычнай памяці ў Рэспубліцы Беларусь Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці (Кірава, 49) прапануе знаёмства з нематэрыяльнымі культурнымі каштоўнасцямі Гомельскай вобласці, якія маюць статус нацыянальнай і сусветнай культурнай спадчыны.

Выставачны праект стаў пераможцам па выніках правядзення ў 2021 годзе Рэспубліканскага конкурсу на лепшы культурны праект патрыятычнай тэматыкі. Гэта 13 нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека, якія ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Сярод іх каляндарныя абрады, сакральныя традыцыі, спеўныя стылі, традыцыі рамёстваў і промыслаў. З іх у спісах нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА – вясновы абрад «Юраўскі карагод» вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці (у Спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая патрабуе тэрміновай аховы) і культура бортніцтва Беларусі і Польшчы (у Рэпрэзентатыўным спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва). Яшчэ 3 праяўленні рыхтуюцца на ўключэнне ў гэтыя спісы.

З нематэрыяльнымі каштоўнасцямі можна пазнаёміцца праз іх матэрыяльныя праявы – з дапамогай устаноў культуры вобласці ў экспазіцыі прадстаўлены абрадавая атрыбутыка, прадметы побыту, традыцыйныя касцюмы, тэматычныя друкаваныя выданні. Яны суправаджаюцца фотаздымкамі, тэкстамі і QR-кодамі са спасылкамі на старонкі па нематэрыяльнай культурнай спадчыне сайта Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці.

Праз далучэнне насельніцтва, асабліва дзяцей і моладзі, да абрадаў і звычаяў малой радзімы, павагу да традыцый мінулага, пашану да продкаў выстава-прэзентацыя садзейнічае фарміраванню цікавасці да гісторыі роду, малой радзімы, народнай спадчыны, усведамленню пачуцця нацыянальнай самасвядомасці, выхаванню патрыятызму, агульнаму культурнаму і духоўнаму развіццю. Выстава-прэзентацыя працягнецца да 4 лютага 2022 года. Далей будзе экспанавацца ў Дзелавым і культурным комплексе Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай федэрацыі (г. Масква) 11 лютага, да Міжнароднага дня роднай мовы.