Шамякінскія чытанні прайшлі ў Гомелі
03.02.2022 / Гомельская правдаНа базе абласной універсальнай бібліятэкі імя У. І. Леніна і яе філіяла – Славянскай бібліятэкі на працягу двух дзён перад студэнтамі ВНУ Гомеля выступалі выхаванцы гуртка «Школа маладога літаратара».
Дзяўчаты і юнакі чыталі ўрыўкі з твораў славутага майстра прозы і свае творчыя здабыткі, прысвечаныя земляку, народнаму пісьменніку Беларусі Івану Шамякіну.
Паэтэса Ніна Нікіціна (Шклярава), член Саюза пісьменнікаў Беларусі, якая кіруе школай маладога літаратара ўжо больш за дзесяць гадоў, падзялілася сваімі ўспамінамі пра знакамітага творцу, які працаваў пасля вайны ў яе роднай вёсцы Пракопаўка.
Аўтары-пачаткоўцы, якія наведваюць гурток, працягваюць традыцыі таленавітых землякоў, пішуць пра тое, што хвалявала і хвалюе людзей спакон вякоў: пра родны кут, каханне, сваіх знакамітых продкаў. Цёпла юныя слухачы ўспрынялі верш Аліны Рыцік «Каханне», займальны аповед Кацярыны Мяньковай пра школьных следапытаў. Вікторыя Лебедзева прачытала верш у прозе «Дзіва», у якім апісвае прыроду лясной паляны, дзе стаяла леснічоўка Пятра Шамякіна. Самая юная ўдзельніца гуртка Варвара Гарнак склала верш, прысвечаны пісьменніку-земляку.
А ў Славянскай бібліятэцы пачаткоўцы-аматары прадоўжылі творчы расповед пад рубрыкай «Літаратурнымі сцежкамі Гомельшчыны. Іван Шамякін».