У абласным цэнтры пройдзе паэтычная акцыя-прысвячэнне “У вянок пераможцам”

07.05.2021 / Гомельская правда
Літаратары Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” правядуць паэтычную акцыю-прысвячэнне “У вянок пераможцам”.

9 Мая, як і ва ўсёй краіне, у горадзе над Сожам шырока пройдзе святкаванне Дня Перамогі. У мерапрыемствах свята прымуць самы непасрэдны ўдзел актывісты абласной пісьменніцкай арганізацыі: яны выступяць перад гараджанамі ў скверы Андрэя Грамыкі са сваімі вершаванымі прысвячэннямі.

Даніну павагі ўсім савецкім воінам, родным і блізкім выкажа паэтычнымі радкамі на імправізаванай пляцоўцы сын франтавіка, ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, член савета абласнога аддзялення СПБ вядомы паэт Міхась Болсун. У акцыі-прысвячэнні, якую таксама аздобяць музычнымі нумарамі артысты гарадскога цэнтра культуры, прымуць таксама ўдзел лаўрэаты абласной літаратурнай прэміі імя К.Тураўскага Вера Квяткоўская, Уладзімір Гаўрыловіч, Іна Спасібіна, Наталля Шамяткова і Таццяна Дарошка, паэты Ганна Атрошчанка, Ева Дударга, Аляксандр Белік, Генадзь Говар і іншыя творцы.