Дарога ў будучыню. Маладым – жыллё і льготныя крэдыты

09.11.2021 / Гомельская правда
Сёлета ў гаспадаркі Брагіншчыны прыехалі 11 выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных сельскагаспадарчых навучальных устаноў. Сярод іх ёсць ураджэнцы раёна.

У адкрытым акцыянерным таварыстве «Пераможнік» сустрэліся з тэхнікам-механікам Станіславам Філонам, які атрымаў веды па спецыяльнасці ў Палескім аграрна-тэхнічным каледжы. Пачуўшы знаёмае прозвішча, беспамылкова вызначылі: юнак з суседняга Малажына, прадстаўнік дынастыі Філонаў. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Валянціна Дзегцярэнка ўзгадала яго бабулю Тамару Тарасаўну, якая ўзначальвала прафсаюзную арганізацыю «Малажынскага», праводзіла для вяскоўцаў цікавыя мерапрыемствы, удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці. Бацька і дзядзька Станіслава працуюць тут вадзіцелямі і зараз.

Дарога ў будучыню Станіслава Філона. Выпускнік Палескага аграрна-тэхнічнага каледжа працуе на роднай Брагіншчыне

А ў «Пераможнік» малады спецыяліст прыйшоў у красавіку, так што за гэты час паспеў асвоіцца ў калектыве. Палявыя работы ў асноўным завяршыліся, і ў гэтыя дні Станіслаў разам са сваім памочнікам заняты пастаноўкай тэхнікі на зімовае захоўванне.

Карына Ермакова родам з Холмеча. Пасля гомельскага каледжа атрымала ў «Пераможніку» пасаду бухгалтара. Можна сказаць, што ёй пашанцавала. Па-першае, тут вопытныя калегі, якія ахвотна дзеляцца ведамі і ўводзяць у курс справы. Па-другое, галоўны бухгалтар Валерыя Салахава аказвае ўсялякую падтрымку і дапамогу ў вырашэнні бытавых праблем. Па-трэцяе, усведамленне таго, што ты запатрабаваны, усяляе веру ў свае сілы.

Сяргей Куцэнка атрымаў кватэру ў Брагіне

Валерыя Салахава ў гэтым сельгаспрадпрыемстве – з лютага мінулага года. Сёлета ёй выдзелілі кватэру ў Брагіне. Карына таксама мае права на жыллё, пабудаванае за сродкі, якія выдзяляюцца на ліквідацыю наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, але ж ёй давядзецца крыху пачакаць.

А вось Сяргей Куцэнка – з жыллём. Аднапакаёўка ў райцэнтры дасталася яму ўтульная і светлая. У мінулым годзе ён з дыпломам выпускніка сельгас­акадэміі вярнуўся ў Брагінскі раён і быў накіраваны ў «Пераможнік» інжынерам па ахове працы. Як і іншыя маладыя спецыялісты, на першым працоўным месцы атрымаў стыпендыю, даплату. Яна будзе налічвацца да асноўнага заробку штомесячна на працягу двух гадоў у суме 80 рублёў. Сяргей выкарыстаў магчымасць атры­маць ільготны крэдыт на набыццё мэблі і бытавой тэхнікі. Па яго словах, гэтых грошай яму хапіла, каб купіць усё неабходнае.

Карына Ермакова і Валерыя Салахава разумеюць адна адну з паўслова

І ў гаспадарцы, і ў раёне ацанілі дзелавыя якасці інжынера. На думку Валянціны Рыгораўны, яго вызначаюць пачуццё адказнасці за даручаную справу, павага да суразмоўцы, кампетэнтнасць. Сяргей Куцэнка непакоіцца, каб жывёлаводы і механізатары «Пераможніка» былі забяспечаны спецвопраткай, абуткам, сродкамі аховы. У свой час ён атрымаў мэтавае накіраванне на вучобу, таму ў «Пераможніку» будзе праца­ваць як мінімум пяць гадоў.

Прыемна, што ўраджэнцы Брагіншчыны пасля вучобы вяртаюцца на малую радзіму. Тут іх заўсёды чакаюць.