Зімовае купанне ў Сожы ў 1969 годзе: гісторыя з фотаздымкаў

01.02.2026 / Гомельская правда
Разбіраў нядаўна сямейныя паперы. Увагу прыцягнулі два фотаздымкі, зробленыя ў адзін і той жа дзень – раніцай і апоўдні 5 снежня 1969 года. На іх – мой сябар Валянцін Громаў і я.

Уладзімір Пернікаў і Валянцін Громаў у ледзяной сожскай вадзе

На першым наша купанне сярод сожскіх ільдоў, дзе Тарасавіч такі напружаны, што ажно вусны падцятыя. А гэта азначае, што халадэча дабралася да кожнай жылкі яго цела і марозіць, марозіць. Я ж не прыгнечаны сцюжай, выглядаю нармальна. На другім здымку – мы на прагулцы ў парку, пасля ледзяной ванны, дзе нас абодвух асвятляе ўсмешка. На плошчы імя Леніна тым часам грымела ўрачыстая музыка, размашыста гучалі патрыятычныя песні: была чарговая гадавіна Канстытуцыі СССР.

У гомельскім парку пасля купання

Дык вось, разглядваю я нядаўна гэтыя фота і, паверце, не здзіўляюся, што тая ледзяная ванна не надзяліла прэтэндэнта ў маржы нават самым лёгкім насмаркам. І ведаю чаму: падрыхтоўка навічка да зімовага купання вялася паэтапна, з улікам не толькі пагодлівых умоў, фізічнага стану «паддоследнага», але і псіхалагічнай настроенасці ўдзельнікаў «эксперыменту». То-бок, яго і мяне. Іншымі словамі, методыка трэніровак не з літаратурных крыніц бралася, а на нашым асабістым досведзе грунтавалася.

Напрыклад, на той час у мяне было ўжо некалькі гадоў зімовага загартоўвання, якое спасцігаў самастойна, калі пачаў вучыцца ў Гомельскім педагагічным інстытуце імя В. П. Чкалава. Маючы вялікую прыхільнасць да заняткаў фізкультурай яшчэ ў сярэдняй школе Чачэрска, я аддаваў ім нямала клопатаў і сіл і ў гомельскай ВНУ. Адсюль і трэніроўкі ў спартыўных секцыях, і разрады па некалькіх фізкультурных дысцыплінах, і штодзённыя адзіночныя (бо такіх аматараў, як я, сярод маіх сяброў і аднагрупнікаў не знаходзілася) кросы па парку, і, калі хочаце, нават зайздрасць да тых, хто займаўся ў клубе аматараў зімовага купання, міма якога заўсёды прабягаў. І, вядома ж, сам сабе задаваў пытанне: а ці змагу я гэтак жа, як і яны, напускаць на сябе халадэчу і цярпець яе, ці хопіць настойлівасці і сіл для гэтага, ці не збаюся?

Прыйшоў да цвёрдай высновы: змагу, бо нічым не горшы за іх. Афіцыйна запісвацца ў клуб не стаў, і ніхто мяне туды не заганяў. Але ключ ад невялічкага памяшкання, дзе члены клуба распраналіся, мне выдалі, а графік наведвання секцыі перапісаў у свой блакнот і прыходзіў на купанне ў такі час, што не перашкаджаў іншым.

Вясной, летам, да самай восені свае прабежкі пераносіў на другі, левы бераг Сожа, у так званы зарэчны парк, куды праз тры ці чатыры гады да мяне далучыўся і Валянцін Громаў, якога я ведаў даўно і з сям’ёй якога сябравала наша сям’я. Дарэчы, ён сам выказаў жаданне пачаць зімовае купанне.

Падрыхтоўка да яго заняла чатыры месяцы ў той самай ледзяной ванне, што зафіксавана на першым фотаздымку. Спачатку ён толькі расціраўся вадой, знаходзячыся на сушы, на другім этапе заходзіў у яе па калена, на трэцім – пагружаючыся ў лядовую проламку да пояса. Такім вось чынам і праходзіла адаптацыя цела да холада, і галоўным тут было не лезці ў ваду спацелым, чаго Валянцін строга прытрымліваўся. І іншы раз самастойна мог хадзіць на зімовае ці ранняе вясновае купанне. Хаця часцей за ўсё мы гэта рабілі разам, у адзін і той жа час.

І тут дарэчы будзе расказаць пра адну гісторыю, выпадковымі сведкамі якой сталі.

З дзікім крыкам уніз па Сожы

Не памятаю, у якім годзе гэта было, але што ў пачатку красавіка, дык факт. Закончыўшы свой крос у парку, мы а восьмай гадзіне наважыліся ўзяць накірунак дадому, як пачулі нялюдскі крык, што даносіўся з ракі. Падбеглі да Кіеўскага спуску: па Сожы плыве нешта рыжае, падобнае на бабровую ці норкавую шапку, а следам за ёй нехта плёхаецца рукамі і так пранізліва верашчыць, што вушы закладвала. Па той бераг ракі буксірны катар выпіхвае на сярэдзіну Сожа вялікую колькасць крыг, разварочваецца і лёгкім ходам бярэ курс да крыкуна, якога прагна падхоплівае плынь. Каманда цеплахода спрытна ўсцягвае яго на борт і дастаўляе на дэбаркадэр.

Мы з Валянцінам туды ж. А там ужо медыкі і некалькі работнікаў судна, сцягнуўшы з мужыка плашч і галёшы, разаграваюць яго, адначасова слухаючы стагнанні няшчаснага, як яму было невыносна зябка ў вадзе, у якую ён з гарачкі ці дурасці кульнуўся з парэнчаў пешаходнага маста, праляцеўшы, падумаць толькі, каля дваццаці, мабыць, метраў.

Што гэта за паўвекавога ўзросту мужык быў і якія прычыны вымусілі яго пайсці на такі адчайна-шалёны крок, мы так і не даведаліся, бо нас як простых разявак прагналі.

«Не морж, а ёрш»

А гэту гісторыю пра зімовых купальшчыкаў я пачуў ад сваёй жонкі. Яна працавала ў адным з упраўленняў аблвыканкама, дзе самым, бадай, аўтарытэтным работнікам быў нехта па прозвішчы, здаецца, Хавін. За семдзесят гадоў яму стукнула, а ён і ў перадавіках у сваім калектыве хадзіў, і маржом быў. За што ў галіновым міністэрстве быў у пашане. І вось аднойчы ў Гомель у камандзіроўку адтуль прыехаў нехта з начальніцкага складу і захацеў сустрэцца з Хавіным і заадно падзівіцца яго майстэрствам у палонцы на Сожы.

І якое ж расчараванне чакала сталічнага госця, калі перад ім паўстаў худзенькі, як стручок, невысокага росту чалавек, пра якога ў народзе кажуць «ні да вока, ні да бока». Адным словам, прабачце, не морж, а ёрш, перад начальнікам намаляваўся, і апошні, як бы ў знак пратэсту, адмовіўся ад запрашэння палюбавацца на Сожы паказальным заплывам абарыгена. І дарэмна, скажу, праігнараваў, бо той (уюн, ды і толькі!) такое ў палонцы вытвараў, якое было не па сілах яго канкурэнтам.

…Маё ж самае актыўнае маржаванне прыпадала на тыя часы, калі пасля заканчэння інстытута я зарабляў на свой хлеб. А гэта ні многа ні мала, а чатырнаццаць гадоў працягвалася. У выпадках, калі даводзілася па службовых ці іншых справах выязджаць у тыя месцы, дзе для зімовага купання ўмоў не было, прымяняў іншыя спосабы загартоўвання.

Напрыклад, пры наведванні мамы ў Чачэрску, дзе ў хаце яна жыла адна, я прыносіў з вулічнага калодзежа два вядры вады і абліваўся ёю ў двары. Або хадзіў басанож па снезе, якога нападала на агародзе па калена. Аднойчы, калі пасля армейскай службы дадому вярнуўся малодшы брат Васіль, я ў суправаджэнні яго і сваяка Рыгора адправіўся на Чачору, якая вызвалілася ад лядовага засілля, хаця вакол яшчэ ляжаў снег. На падыходзе да ракі ўбачыў, як сюды накіроўваецца мой былы аднакласнік Іван, і з’явілася ідэя разыграць яго. І вось што атрымалася.

В картишки нет братишки

У адных трусах і басанож я стаю на кавалку кардону, а Васіль строгім голасам падганяе мяне:

– Пайшоў ужо! Хопіць цяліцца!

– Дык холадна ж, – пратэстую я. – Дай сагрэцца трохі. А можа прабачыце?

– Давай, давай! Лезь, кажу. Ніякага прабачэння не будзе.

Я пераступаю з нагі на нагу і раблю першыя наўмысна нясмелыя крокі да ракі. Іван не разумее, што да чаго і накідваецца на Васіля.

– Ты што, здурнеў? Завошта так на брата?

– Няхай не прайграе. В картишки нет братишки, – гэтак спакойненька парыруе Васіль і тут жа звяртаецца да мяне ў павучальным тоне:

– І што ты пяць гадоў у інстытуце рабіў, што ў картах як навічок?

Я ж, надзьмуўшы грудзі, борздка заходжу ў Чачору, пераплываю яе туды і назад і ледзь не заходжуся ад смеху, узнімаючы ў неба цэлы фантан пырскаў. Тым самым як бы сцвярджаючы, што «нам, маржам, мора-акіян па калена». Аднакласнік, зразумеўшы, што яго разыгралі, не вытрымлівае і, абазваўшы нас дурнямі мясцовай закваскі, адпраўляецца сваёй дарогай. А мы, задаволеныя, што ў нас усё атрымалася, праводзім яго дружным рогатам.

…Паўтаруся: чатырнаццаць гадоў працягвалася маё маржаванне. Рознае было ў ім, аб чым я зараз не-не ды і ўспамінаю.