11 сакавіка – 100 гадоў з дня нараджэння нашага земляка пісьменніка Міколы Гамолкі

11/03/2022 13:33 3045 0 / Гомельская правда Уладзімір Гаўрыловіч, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, пісьменнік

У гэты вясновы дзень у Жыткавічах праходзяць урачыстасці, адкрылі інфармацыйную дошку.







Па біяграфічных сцежках





Мікола Гамолка нарадзіўся 11 сакавіка 1922 года ў вёсцы Брынёў Петрыкаўскага раёна. Праз два гады стаў сіратой – памерла маці, хлопчыка часова даглядалі бабуля і дзядуля па лініі бацькі. Той пазней прыстаў у прымы да ўдавы, што жыла ў суседняй Найдзе на тэрыторыі Жыткавіцкага раёна.


 


Гамолка МІ.jpg


 


Агрыпіна Фёдараўна аказалася добрай жанчынай – хлопчык не адчуваў сябе чужым у доме на ўскрайку вёскі. Вось як згадвае сваё школьнае дзяцінства пісьменнік: «Добра помню сваю пачатковую школу, дзе навучаў нас, дзяцей, ветлівы і чулы настаўнік Рыгор Мультан. Пазней ён прапаў у засценках ГПУ. У чацвёртым класе я напісаў сачыненне на вольную тэму, якое настаўніку надта спадабалася, і ён адзначыў, што гэта больш, чым сачыненне, сапраўды мастацкае апавяданне…





…Хоць бацька запісаўся ў калгас, на нас наклалі «цвёрдае заданне». Жыць давялося на адной бульбе…





У 1934 годзе зноў прый­шло ў нашу хату няшчасце – па паклёпу мясцовых незычліўцаў быў арыштаваны органамі НКУС бацька. Праз чатыры месяцы яго адпусцілі, але ён жыць болей у роднай вёсцы не мог, паехаў на заробкі ў Бабруйск, дзе працаваў на дрэваапрацоўчым камбінаце, а потым на гідролізным заводзе. Тым часам я вучыўся ў в. Брынёў, дзе закончыў 5, 6 і 7 класы. Потым бацька забраў мяне ў Бабруйск, дзе я пайшоў у восьмы клас…»





На няпросты шлях творчасці





Пачынаючага паэта Гамолку з Жыткавічаў заўважылі і запрасілі ў 1938 годзе на творчы семінар у Мазыры. Тут пазнаёміўся з пісьменнікам Усеваладам Краўчанкам і ўдзельнікам семінара Іванам Мележам, з якімі пасябраваў на ўсё жыццё.





«Захапленне паэзіяй – не выпадковае ў палескага хлопца. Ёсць талент!» – заўважыў і Якуб Колас, якому без ведама аўтара па пошце з рэдакцыі жыткавіцкай райгазеты «Прымежны камунар» даслалі цыкл новых вершаў. Народны паэт падтрымаў семнаццацігадовага паэта Гамолку лістом, але зрабіў шэраг парад і заўваг: не спяшацца, старанна шліфаваць кожны радок. У 1939-м юнак паступае вучыцца на філфак Белдзяржуніверсітэта, з другога курса яго прызываюць у армію, трапіў у войскі хімабароны. Прайшоў Вялікую Айчынную, у 1946 годзе дэмабілізаваўся камандзірам узвода з лейтэнанцкімі пагонамі. І важкім сшыткам добрых вершаў – на цэлую кнігу. Прывёз іх у Мінск. У гэтым жа годзе, адрэдагаваныя Максімам Лужаніным, яны пабачылі чытача ў першай кнізе «Зварот шчасця», а праз некалькі гадоў Гамолка трымаў у руках другі зборнік «Б’юць куранты».





Адразу пасля дэмабілізацыі ён вярнуўся ў Найду да бацькоў. Цяжкае і складанае тут было жыццё, аднаўляўся калгас. Прыйшоў з вайны са званнем Героя Савецкага Саюза легендарны Васіль Кот, трохі старэйшы за Міколу. Гамолка ганарыўся сяброўствам з ім, нават напісаў пра маланкавую вайну з Японіяй і подзвіг земляка ў абласную газету «Бальшавік Палесся». Неўзабаве таго паклікалі ў райкам партыі і прызначылі на адказную пасаду. Праз сем месяцаў падаўся ў Мінск і Гамолка, у Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі: рэдактарам адной з яго рэдакцый, што выпускала кнігі для дзяцей. Пад уплывам Янкі Маўра, Алеся Якімовіча, з якімі яму пашчасціла праца­ваць, зарадзілася жаданне пісаць прозу, і пры гэтым пісаць для дзяцей. Аповесць «Лета ў Калінаўцы» нават маскоўскі «Детгиз» уключыў у план выдання, і кніга выйшла ў перакладзе ў 1956 годзе.





Майстар усіх жанраў





Таленавітага празаіка запрашаюць як літсупрацоўніка ў «Чырвоную змену», потым – у «Літаратуру і мастацтва». За некалькі гадоў Гамолка асвойвае жанр фантастыкі – піша цудоўныя творы пра палёты ў космас савецкіх касманаўтаў. Вядома, тады, у 1953–1954 гады, касманаўтаў яшчэ рэальных не было. Дзве аповесці «За вялікую трасу» і «Цытадэль неба» выйшлі ў 1959 годзе як раман «Шосты акіян» асобным выданнем. Усе падзеі новай касмічнай эры, якая пачалася 4 кастрычніка 1957 года, развівалася амаль так, як паказана ў гэтым навукова-фантастычным рамане. Аднак да фантас­тыкі больш не вернецца – яго захапіла ваенная тэма.


 


Спрабаваў сябе Гамолка і ў драматургіі – па яго п’есе «Бітва ў космасе» ў 1963 го­дзе рэспубліканскі тэатр юнага гледача паставіў спектакль. З 1967 года Мікалай Іванавіч працаваў адказным сакратаром часопіса «Бярозка», пасля адказным сакратаром камісіі па Дзяржаўных прэміях Савета Міністраў БССР. Ужо на пенсіі – сакратаром камісіі па прыёму ў Саюз беларускіх пісьменнікаў.





На малой Радзіме





Па ініцыятыве пісьменнікаў Гомельшчыны пры непасрэднай падтрымцы тагачаснага старшыні Жыткавіцкага райвыканкама Пятра Савіцкага ў сакавіку 2003 года гарадскому парку райцэнтра прысвоена імя Міколы Гамолкі.





У будынку сярэдняй школы № 1 імя Р. М. Тураўца тут 8 кастрычніка 2010 года быў адкрыты мемарыяльны музей пісьменніка. Пачынаючы з 2006-га ладзім абласныя літаратурныя конкурсы для дзяцей і дарослых «Табе пяю, малая Радзіма», прысвечаныя памяці Міколы Гамолкі. Вынікі іх і майстар-класы для лаўрэатаў і фіналістаў падводзяцца ў Жыткавічах. З 2019 года на тэрыторыі парка імя Міколы Гамолкі праходзіць абласны літаратурны фестываль «На зямлі Кірылы Тураўскага». 

Cannot find 'moreview' template with page '' Cannot find 'moreview' template with page ''
Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Новые статьи +5
Лента новостей