Карэнная жыхарка вёскі Мохаў Лоеўскага раёна Матрона Афанасенка – захавальніца скарбонкі фальклорнага багацця сваёй вёскі і рэгіёна

15/02/2025 18:12 844 0 / Гомельская правда Вадзім ЛОСЬ

Хату гэтай жанчыны на стромкай дняпроўскай тэрасе ведае амаль увесь навуковы свет, беларускі, канешне. Шмат гадоў фалькларысты, лінгвісты, этнографы, студэнты ехалі да яе, каб пачуць мову, запісаць песні і паданні, прыказкі і прымаўкі, духоўныя вершы. І яна заўсёды гасцінна запрашала ў хату.







IMG_1088.JPG


Інфармацыя Матроны Юр’еўны лягла ў аснову дыпломных работ студэнтаў і навуковых выданняў па археалогіі







Матрона Юр’еўна – з роду Арцёменак. Некалькі пакаленняў яе продкаў адсюль, з вёскі на беразе Мохаўскага возера, якое ў старажытнасці было адрэзкам Дняпра. Матрона нарадзілася ў 1933 годзе. З маленства чула песні матулі, цётак, убірала ў сябе аповеды, пачутыя ад жыхароў Лоеўшчыны, іх народную мудрасць.







Перад Вялікай Айчыннай вайной сям’я Юрыя і Галіны Арцёменак разам з трыма дзецьмі (роднымі Матронай і Пятром, прыёмнай Нінай) пераехалі ў Рэчыцу, дзе бацька працаваў бляхаром у арцелі, вырабляў скрыні. Адсюль ён пайшоў на вайну, з якой не вярнуўся. Жонка і дзеці з'ехалі назад у родную вёску, на папялішча, якое пакінулі нямецка-фашысцкія захопнікі.







– Матуля сама будавала хату, – успамінае Матрона Афанасенка. – Вясной адправілася яна на нізкі (левы – заўвага аўтара) бераг Дняпра для нарыхтоўкі драўніны. Два дні матулечкі не было. Я зайду ў Шолахаў Бугор (урочышча каля Мохава), сяду ды пяю жалобныя песні, плачу, думаючы, што матуля патанула. Мужчыны дапамаглі ёй спілаваць хвоі, звязаць некалькі плытоў. Іх па рацэ і пойме прыгналі пад гару. Якія кароткія – цягалі з матуляй, а каб доўгія перавезці, прасілі ў аднавяскоўцаў карову.







Ішоў час, скончылася вайна, людзі пачыналі новае жыццё, шчыравалі на зямлі, спявалі песні. Матрона рана пайшла працаваць. Адправілася з дняпроўскага берага да рабочай Касцюкоўкі. Каб уладкавацца на торфаздабываючае прадпрыемства, вымушана была прыбавіць да свайго ўзросту яшчэ два гады. Працавала на торфараспрацоўках. У няпростых умовах, стоячы па калена ў вадзе, Матрона з іншымі дзяўчатамі, лічы, яшчэ дзецьмі, якія прыехалі на заробкі з розных раёнаў Гомельшчыны, нарыхтоўвалі торф для шклозавода.







Матрону – прыгожую і гаспадарлівую дзяўчыну – узяў у жонкі мохаўскі хлопец Пятро Афанасенка. У роднай вёсцы маладыя пабудавалі новую хату. Муж працаваў старэйшым рулявым на параходах «Советская Белоруссия», «Краснофлотец», «Марксист», хадзіў па Сожы, Дняпры… Маладыя ў шчасці нараджалі і гадавалі дзяцей. У Афанасенак іх чацвёра. Дочкі Таццяна і Ніна – настаўнікі, усё жыццё адпрацавалі ў школе і дзіцячым садку, сын Валянцін – вайсковец, малодшы Пятро ужо нябожчык. Афанасенкі спраўна вялі вялікую гаспадарку, мелі трактар, мельніцу, цыркулярку.







Шмат гадоў фалькларысты, лінгвісты, этнографы, студэнты ехалі да яе, каб пачуць мову, запісаць песні і паданні, прыказкі і прымаўкі, духоўныя вершы







Колькі помніць сябе Матрона Юр’еўна, столькі яна і спявала тыя песні, якія самі лёгка запаміналіся. У гэтых песнях – вясёлых і журботных – адлюстравалася яе доля, доля народа. Жанчына ведае шмат царкоўных твораў, у тым ліку псалмоў і духоўных вершаў. Больш за чвэрць стагоддзя яна спявала ў царкоўным хоры Свята-Троіцкага сабора ў Лоеве, ва ўзвядзенні якога прымала ўдзел, стоячы на будаўнічых рыштаваннях з кельмай і цаглінай у руках. Да гэтага божага дома ішла са сваёй свечкай з пчалінага воску. Больш за 40 гадоў займалася пчалярствам. І заўсёды ахвяравала на царкву.







За дзесяцігоддзі навукоўцы сабралі і запісалі шмат мясцовых абрадаў і звычаяў, паданняў і прыкмет, прыказак і прымавак, народных і духоўных песень, якія згадвала жанчына.







– Неяк дзве студэнткі прыязджалі, – расказвае дачка Матроны Афанасенка Таццяна. – За два дні запісалі па сто пяцьдзясят тэкстаў кожная.







Звычайна навукоўцы наведваюцца зімой, калі сялянскія клопаты перацякаюць у хату. Адны прыехалі на пачатку восені, спяшаліся падрыхтаваць кнігу. Было яшчэ шмат работы ў полі, але Матрона ім не адмовіла.







– Вось і капалі з намі бульбу дактары і прафесары са сталіцы, – смяецца Матрона Юр’еўна.







Яна мела дачыненне і да прачытання незвычайнай мовы – глінянай мовы продкаў. З 2003 года, калі даследаванні каля вёскі пачала валанцёрская археалагічная экспедыцыя пад кіраўніцтвам вядомага беларускага археолага Алега Макушнікава і намесніка старшыні абласнога аддзялення Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Васіля Сычова (пра экспедыцыю неаднаразова пісала «Гомельская праўда»).







Больш чым пятнаццаць гадоў жанчына дапамагала навукоўцам – і словам, і справай. Што цікава, інфармацыя, звязаная з легендамі і паданнямі мясцовасці, пачутая і занатаваная ад Матроны Юр’еўны, і якая была пацверджана археалагічна, лягла ў аснову дыпломных і навуковых работ студэнтаў, друкаваных навуковых выданняў па археалогіі, таксама і міжнародных.







Было яшчэ шмат работы ў полі, але Матрона Юр’еўна гасцямне адмовіла.


– Вось і капалі з намі бульбу дактары і прафесары са сталіцы, – смяецца яна







Творы, запісаныя даследчыкамі, яе прозвішча надрукаваны ў айчынных кнігах, у тым ліку ў акадэмічным фундаментальным выданні «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў» у шасці тамах, адзін з якіх прысвечаны рэгіёну Гомельскага Палесся і Падняпроўя.







У хаце Матроны Афанасенкі ў чырвоным куце, дзе іконы з абліччамі святых у абрамленні ручніка, у лампадцы гарыць агеньчык. На сценах паміж вокнамі вісяць драўляныя ліштвы-рамкі з фотакарткамі тых, хто нараджаўся, каго хрысцілі, хто служыў у войску, вянчаўся і каго ўжо няма на гэтым свеце.







У паважаным узросце зараз Матрона Юр’еўна. Ва ўсім дапамагае старэйшая дачка Таццяна, якая пераехала з вялікага горада ў родную вёску. Юр’еўна кажа, што, канешне, цяжкасцей нямала, але яшчэ сама і козачку доіць. Валасы даўно асыпаны жыццёвым срэбрам, а кожны яе сказ – народная мудрасць, за ўсё ўдзячна шчасліваму лёсу і філасофскі кажа: «Што ні дзень, то бліжэй да зямелькі…».







Памятаю, як пятнаццаць гадоў назад уздоўж старога шляху і плыні Дняпра лілася яшчэ адна рака – з жанчын-сялянак з вёскі Мохаў, якія пешшу, вяртаючыся з лоеўскай царквы, заўсёды ішлі з песняй. На жаль, з кожным годам мялее гэтая чалавечая рака. Адыходзяць у іншы свет беларускія мадонны, а разам з імі ў вечнасць – і традыцыя, песня некранутай цывілізацыі, у якой – душа народа, яго калектыўная памяць. Гэтай песні нельга здрадзіць, яе нельга забыць. І ліецца над жыццёвымі берагамі песня нашай агульнай калыскі, песня, што нараджае ўспамін, замову на шчаслівае жыццё.

Фото аўтара
Cannot find 'moreview' template with page '' Cannot find 'moreview' template with page ''
Для работы сайта используются технические, аналитические и маркетинговые cookie-файлы. Нажимая кнопку «Принять все», Вы даете согласие на обработку всех cookie-файлов Подробнее об обработке
Новые статьи +5
Лента новостей