Патрэбна, як хлеб, друкаванае слова. Як «Гомельскую праўду» чыталі... у ХІ стагоддзі
Патрэбна, як хлеб, друкаванае слова. Як «Гомельскую праўду» чыталі... у ХІ стагоддзі
Сёння, 22 сакавіка, газета «Гомельская праўда» адзначае свой 108-ы дзень нараджэння. Старэйшая газета нашай краіны… Ды ці толькі?! Газета, якая захавала памяць пра эпохі, пакаленні, чалавечыя лёсы. Газета, якая пакінула добры след у жыцці людзей.
Даследаванне старажытнасцей Мохава
Узгадваецца выпадак, калі «Гомельская праўда» павіншавала свайго даўняга аўтара – знакамітага беларускага археолага Алега Макушнікава, які ў канцы 1980-х – пачатку 1990-х гадоў на старонках абласной газеты простай і даступнай мовай расказваў чытачам аб навуковых даследаваннях і таямніцах, якія адкрывала гомельская зямля. Абласная газета была адзінай, якой навуковец давяраў інфармаваць грамадскасць аб важных і сенсацыйных адкрыццях, якія пазней увойдуць у кнігі і падручнікі па айчыннай гісторыі, а таксама ў фундаментальныя акадэмічныя выданні, у тым ліку міжнародныя.
Дзякуючы Алегу Анатольевічу, яго калегам і сябрам, іншым вучоным, не была згублена адзіная на ўсю Еўропу старажытная зброевая майстэрня. На тэрыторыі вакольнага горада Гомеля былі адкрыты рэшткі драўлянай хаты, якая згарэла ў ХІІІ стагоддзі. Там некалі размяшчалася майстэрня, што спецыялізавалася на вырабе і рамонце абарончага і наступальнага ўзбраення. Аналагаў ёй дагэтуль не выяўлена ў археалагічных помніках Старажытнай Русі. Вялікую дапамогу ў даследаваннях аказаў рэканструктар Юрый Лупіненка. У выніку былі «перапісаны» навуковыя погляды на характар і месцы вытворчасці старажытнарускага наступальнага і абарончага ўзбраення.
Алега Макушнікава «Гомельская праўда» «знайшла» на Лоеўшчыне. У вёсцы Мохаў, каля сівых курганоў, адкрываецца найпрыгажэйшы пейзаж гэтага краю: сярод шырокіх заліўных лугоў ззяе люстэрка двух азёр, якія пакінуў пасля сябе, крыху адышоўшы ўбок, Дняпро. Далей, за паваротам, магутная рака нясе свае воды ў мора-акіян. На процілеглым беразе растуць старыя высачэзныя дубы, якія, здаецца, сваімі кронамі дасягаюць аблокаў. Усё наваколле паблізу вёскі здаецца нейкім чароўным, загадкавым.
Пачынаючы з 2003 года пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук, прафесара Алега Макушнікава і намесніка старшыні Гомельскага абласнога аддзялення таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Васіля Сычова тут даследаваўся ўнікальны помнік – Мохаўскі археалагічны комплекс, які складаецца з мяркуемага гарадзішча, пасада і захоўвае рэшткі буйнейшага на Беларусі курганнага могільніка. Раскопкі выявілі прыкметы развітай рамеснай дзейнасці, пахаванні рознапляменнага, сацыяльна адасобленага ўзброенага насельніцтва. Трэба заўважыць, што аналагічных помнікаў у Беларусі больш няма, адзінкі засталіся ва Усходняй Еўропе.
Якраз летам 2015 года валанцёрская экспедыцыя археолага Макушнікава – самая вялікая ў рэспубліцы – і працягвала даследаванне гэтага ўнікальнага комплексу. Лагер археолагаў, як і кожны год, знаходзіўся аддалена ад вёскі. Тры тыдні, пакінуўшы камфортныя гарадскія ўмовы, удзельнікі экспедыцыі знаходзіліся на ўлонні прыроды: жылі ў палатках, ваду бралі з крыніцы, ежу гатавалі на вогнішчы. Адсутнасці электрычнасці і іншых даброт цывілізацыі ніколькі не перашкаджалі жыццю і працы, наадварот, усё гэта яднала археолагаў, якія за гады і палявыя сезоны былі загартаваны палячым сонцам і дажджамі. Мабільнай сувяззю карысталіся выключна рэдка, «званілкі» ўключалі літаральна на некалькі хвілін у дзень.
Працуюць археолагі
У адзін з ліпеньскіх дзён 2015 года, калі Алегу Макушнікаву споўнілася 55 гадоў, у лагер змог дазваніцца нехта з валанцёраў-старажылаў з Гомеля. Паведаміў: «У сённяшнім нумары «Гомельскай праўды» выйшаў вялікі нарыс «У пошуках Бацькаўшчыны», у якім распавядаецца пра жыццёвы і навуковы шлях Алега Анатольевіча».
Навіна хутка разляцелася па лагеры. Навуковаму кіраўніку нічога не сказалі, трымалі ў тайне. Маладыя археолагі спадзяваліся, што знойдуць газету і прачытаюць артыкул падчас агульнага сходу, які арганізуюць у абедзенны перапынак. Тром хлопцам была пастаўлена задача: знайсці друкаваны нумар выдання. Кінуліся яны ў вёску. У сельскім паштовым аддзяленні сказалі, што газету раскупілі, бо сёння з праграмай перадач на наступны тыдзень. Людзей на вуліцах практычна не было, таму не змаглі запытаць, у каго ёсць газета. Не губляючы надзеі, памчалі ў Лоеў, які знаходзіўся ў шасці кіламетрах ад вёскі.
Там на пошце адказалі: «Абласной няма, разышлася». І параілі зазірнуць у кіёск «Белсаюздрук». Трое хлопцаў, цэлы сажань у плячах, амаль у адзін голас, схіліўшыся да маленькага акенца, прамовілі: «Добры дзень! Нам, калі ласка, сённяшнюю «Гомельскую праўду». Касірка здзіўлена, можа, крыху разгублена, сказала: «Дзве было. Апошнюю толькі што мужчына набыў…» І паказала на аддаленую постаць. Мужчыну дагналі ў завулку, павіталіся. Сярэдняга росту, гадоў сарака, відаць – у той дзень прыхільнік бога Бахуса, добразычліва павітаўся. Папрасілі прадаць гэты экзэмпляр, патлумачыўшы, што ў ёй надрукаваны артыкул пра навуковага кіраўніка.
«Не! Не аддам, не прадам! У газеце пра маіх любімых «пагранцоў»…» Пабачыўшы, што лаяўчанін стаіць на сваім, археолагі падышлі да пытання больш дыпламатычна: «Вы, напэўна, і служылі ў пагранвойсках!?»
«Так, менавіта! – з гонарам адказаў ён. – Пабачыў у газеце, што пра «пагранцоў» надрукавана, мазырскіх праўда…»
Папрасілі разам прачытаць артыкул пра мазырскіх пагранічнікаў. Знайшлі і нарыс пра навуковага кіраўніка. Чыталі разам. Калі мужчына пачуў назву вёскі Мохаў і пра той унёсак, які зрабіў навуковец у даследаванне мінулага Лоеўшчыны, з павагай перадаў нумар газеты ў рукі.
У лагер паспелі да абеду. Старажылы археалагічнага руху папрасілі кіраўніка дазволу, каб правесці агульны сход, быццам, па гаспадарчых пытаннях.
Калі амаль усе валанцёры сышліся ў цэнтр лагера, беларускі музыка Мікола Косміч, якому даверылі чытаць нарыс, звярнуўся да юбіляра: «Шаноўны Алег Анатольевіч, хочам прачытаць вам артыкул «У пошуках Бацькаўшчыны», ён пра гомельскага князя…» Удзельнікі экспедыцыі – студэнты, краязнаўцы, дарослыя, дзеці – сцішыліся. Здавалася, словы, надрукаваныя ў «Гомельскай праўдзе», ліліся паўсюль: па вёсцы, над курганамі, возерам, ракой.
Усе ўважліва слухалі пра навуковага кіраўніка, выкладчыка, Настаўніка, чалавека, які даследуе земляны летапіс. Як згадвае беларускі археолаг Дзмітрый Ліндзянкоў, вучоны сакратар музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, у тыя дні, калі газета павіншавала юбіляра, вялося даследаванне розначасовых помнікаў каля вёскі Мохаў, але працы былі сканцэнтраваны на рэштках буйнейшага ў Беларусі курганнага могільніка Х–ХI стагоддзяў. Па яго словах, частку знаходак гэтага сезона можна датаваць ХI стагоддзем.
Вось так газета знайшла археолага ў полі, павіншавала яго, і яе чыталі ўсе разам, лічы, у ХI стагоддзі. Павіншавала. І захавала памяць, добрую і светлую.
Час бяжыць няспынна. Змяняюцца мода, інтарэсы, людзі. Застаецца слова. Вялікая моц слова, друкаванага слова. Не сакрэт, што матэрыял на сайце, у інтэрнэце ў любы момант можна выправіць ці выдаліць. І толькі газета, якая выйшла ў свет і трапіла ў рукі чытача, становіцца недаступнай для выпраўленняў і наступных карэкціровак. Нягледзячы на імклівае развіццё электронных тэхналогій, шмат людзей чакаюць друкаваную газету, друкаванае слова. І, упэўнены, так будзе заўсёды. Мой сусед – заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь, майстар спорту СССР па класічнай барацьбе Барыс Мікалаевіч Пратасаў кажа, што паважае і любіць «Гомельскую праўду» за патрыятызм і маральную чысціню.
Реклама
Другие статьи раздела
Самое читаемое
-
В Гомельской области появился первый электробус. Посмотрите, как он выглядит
- 17:21
- 01.07.2021
- 205759
-
Гомельское управление магистральных газопроводов информирует, что на территории области проложены магистральные газопроводы высокого давления
- 12:45
- 16.08.2023
- 132291
-
Житель Светлогорска на выходе из магазина порвал железным штырем дорогую кожанку. В администрации ТЦ ему предложили отличный выход: заштопать куртку
- 13:52
- 04.02.2023
- 107146
-
Высокий инвестиционный потенциал: руководство Гомельской области и Банка развития провели переговоры
- 20:37
- 03.04.2025
- 100963
-
На Гомельщину прибыл бизнесмен из Узбекистана. Он хочет выращивать белорусский картофель и получать качественное молоко
- 21:26
- 23.04.2026
- 96700
-
«Остров чистоты» распродает товары, а сайт больше не работает. В чем дело?
- 16:18
- 06.11.2023
- 82641
-
Очередной фейк рассылается в мессенджерах. Милиция просит жителей Гомельщины быть бдительнее
- 16:54
- 01.03.2022
- 78950
-
Пятьсот метров над уровнем паводка: фотографии разлива в Гомельской области с высоты птичьего полета
- 12:11
- 13.04.2023
- 78337
-
Стихийная находка. Какие еще тайны скрывает гомельский парк
- 15:51
- 15.07.2024
- 76319
-
Гомельчанка уехала в Польшу работать в IT-сфере. Вот что она рассказала о жизни в другой стране
- 17:42
- 10.08.2023
- 62163


