Ніва Гермеля. Як брагінскі земляроб стаў поўным кавалерам ордэна Працоўнай Славы
Рупліва і самааддана
Нарадзіўся Станіслаў Гермель у 1939 годзе ў вёсцы Гарадзішча на Брагіншчыне. Яшчэ падлеткам стаў працаўніком мясцовага калгаса імя Тэльмана. Пазней вывучыўся на электразваршчыка ў Рудакоўскім вучылішчы механізацыі сельскай гаспадаркі Хойніцкага раёна.
З 1962-га – трактарыст. За кароткі тэрмін атрымаў кваліфікацыю механізатара шырокага профілю. Узначаліў калгаснае механізаванае звяно па вырошчванні бульбы. А ў час жніва самааддана шчыраваў на хлебнай ніве.
Апрацаванае, засеянае Станіславам Гермелем поле заўсёды вызначалася ў калгасе якасцю. Больш таго, у 70–80-х гадах ён стаў ініцыятарам працоўных пачынаў, у тым ліку спаборніцтва за найвышэйшы сутачны намалот зерневых культур. Актыўна ўдзельнічаў у рабоце па ўдасканаленні тэхналогіі вырошчвання збожжа і бульбы, павышэнні культуры земляробства. Шмат гадоў запар заваёўваў прызы ў сацыялістычным спаборніцтве механізатараў на ўборцы хлеба і бульбы ў раёне, вобласці і рэспубліцы. Як наватар сельгасвытворчасці не раз удзельнічаў у Выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР у Маскве.
Зорка працоўнай славы
Высока ззяла зорка працоўнай славы аднаго з лепшых механізатараў Брагіншчыны на працягу восьмай, дзявятай і дзясятай пяцігодак. У 1971-м Станіслаў Гермель быў адзначаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга за поспехі ў развіцці сельгасвытворчасці і выкананні пяцігадовага плана продажу дзяржаве прадукцыі земляробства і жывёлагадоўлі. А ў наступным годзе ўзнагароджаны ордэнам Леніна за дасягненні на ўборцы ўраджаю.
Па выніках уборачнай кампаніі 1973 года атрымаў першую прэмію Савета Міністраў БССР і Беларускага рэспубліканскага савета прафсаюзаў. Гэтаму паспрыялі высокія паказчыкі ў рэспубліканскім спаборніцтве на ўборцы зерневых і зернебабовых культур.
За поспехі, дасягнутыя на Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве, праяўленую доблесць у 1975 годзе ўзнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы трэцяй ступені, а ў наступным годзе – і другой. Ураджэнец Брагіншчыны быў поўным кавалерам гэтага ордэна – ён заснаваны ў 1974-м і адзіны з савецкіх працоўных ордэнаў меў тры ступені.
На адзін падрад
У пачатку 80-х па ўласнай ініцыятыве Станіслаў Уладзіміравіч узначаліў першае ў калгасе «безнараднае» звяно канчатковай прадукцыі па вырошчванні бульбы. Калі раней яе саджалі адны механізатары, догляд пасеваў вялі другія, а ўбіралі ўраджай трэція, то цяпер усе тэхналагічныя працэсы павінны былі выконваць пастаянныя людзі. Менавіта тыя, хто ўваходзіў у склад такіх фарміраванняў, цалкам адказвалі за пэўны ўчастак. Работа на адзін падрад вучыла адказнасці і самастойнасці ў прыняцці рашэнняў. Ад ураджайнасці культуры залежала аплата працы.
Пастаянны пошук і паспяховае прымяненне новых метадаў і прыёмаў апрацоўкі зямлі, настойлівасць механізатараў у дасягненні пастаўленай мэты, укараненне імі перадавой агратэхнікі дапамагалі збіраць лепшыя ў калгасе ўраджаі на сваім участку плошчай 70 гектараў. У другім годзе адзінаццатай пяцігодкі звяно пад кіраўніцтвам Станіслава Гермеля ўзяло па 250 цэнтнераў клубняў з кожнага гектара, у наступным – па 280, а ў 1984-м – больш за 300.
Трэці ордэн Працоўнай Славы – першай ступені – знайшоў Гермеля летам 1986 года. Такім чынам Станіслаў Уладзіміравіч стаў поўным кавалерам ордэна Працоўнай Славы.
У калгасе да пенсіі
Пачатак новай пяцігодкі перадавы бульбавод адзначыў новай працоўнай перамогай: з кожнага гектара было атрымана па 340 цэнтнераў клубняў. І далей ён заставаўся ў радах лепшых работнікаў раёна. Яго вызначалі пастаянны пошук новага, лепшага, вытрымка, прынцыповасць. Зарэкамендаваў сябе як актыўны прапагандыст укаранення прагрэсіўных форм арганізацыі працы. Шмат увагі ўдзяляў настаўніцтву, рабоце з моладдзю.
Станіслаў Уладзіміравіч працаваў у калгасе да выхаду на заслужаны адпачынак. Разам з жонкай Марыяй Кузьмінічнай выхавалі траіх дзяцей, доўгі час жылі ў роднай вёсцы. А пасля чарнобыльскай катастрофы, калі значную частку Брагіншчыны накрыла радыяцыя, пераехалі ў Чэрвеньскі раён Міншчыны. Тым больш што раней туды пасля заканчэння ВНУ былі размеркаваны абодва сыны. Там яны стварылі свае сем’і і рэалізавалі сябе ў прафесіі.
Нельга не адзначыць і такі факт: Станіслава Гермеля выбіралі дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР восьмага склікання, а ў 1989 годзе ён прымаў удзел у рабоце першага з’езда Саветаў СССР.
Добрую памяць пра земляка захоўваюць на малой радзіме. Некалькі гадоў назад у Брагіне адкрылі Алею Славы. На стэлы нанеслі прозвішчы ўраджэнцаў раёна, якія найбольш вызначыліся ў ратнай і мірнай працы. Сярод іх і Станіслаў Гермель.
Стэла ў Брагіне
Реклама
Самое читаемое
-
В Гомельской области появился первый электробус. Посмотрите, как он выглядит
- 17:21
- 01.07.2021
- 205759
-
Молока на внутреннем рынке достаточно, но есть сложности с тетрапаком, заявили в Минсельхозпроде
- 14:24
- 05.08.2022
- 151505
-
В социальных сетях появляются паблики "ЧВК Рёдан" с привязкой к Гомелю. Что это такое и почему родителям подростков стоит насторожиться
- 11:23
- 28.02.2023
- 121342
-
Житель Светлогорска на выходе из магазина порвал железным штырем дорогую кожанку. В администрации ТЦ ему предложили отличный выход: заштопать куртку
- 13:52
- 04.02.2023
- 107146
-
Высокий инвестиционный потенциал: руководство Гомельской области и Банка развития провели переговоры
- 20:37
- 03.04.2025
- 100963


